Просім вас, браты,
наконт прыйсця нашага Пана Езуса Хрыста і нашага сходу перад Ім, каб вы так
хутка не гублялі розуму і не хваляваліся ні з-за Духа, ні з-за слова, ні з-за
быццам бы нашага паслання, што, маўляў, настаў дзень Пана. Няхай ніхто не
зводзіць вас ніякім чынам.
Для таго і
пакліканы вы Евангеллем нашым, каб атрымаць славу нашага Пана Езуса Хрыста.
Таму, браты, стойце і трымайцеся традыцый, якіх навучыліся праз слова ці праз
пасланне нашае. Сам Пан наш Езус Хрыстус і Бог, Айцец наш, які палюбіў нас і
даў вечнае суцяшэнне і добрую надзею ў ласцы, няхай заахвоціць сэрцы вашыя і
ўмацуе вас у кожнай справе і добрым слове.
Гэта слова Божае.
+ Чытанне святога
Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус прамовіў,
кажучы: Гора, вам кніжнікі і фарысеі крывадушныя, таму што даяце дзесяціну з
мяты, анісу і кмену, але абмінаеце тое, што важнейшае ў Законе: правасуддзе,
міласэрнасць і веру. Гэта трэба было рабіць і таго не абмінаць.
Сляпыя павадыры,
якія адцэджваеце камара, а праглынаеце вярблюда.
Гора, вам кніжнікі
і фарысеі крывадушныя, таму што звонку ачышчаеце кубак і місу, а ўнутры яны
поўныя драпежнасці і нястрыманасці. Сляпы фарысей, спачатку ачысці кубак
унутры, каб ён стаў чыстым і звонку.
Гэта слова Пана.
“Гора
вам….”Калі Ісус так строга выкрываў кніжнікаў і фарысеяў, у яго не было намеру
іх крыўдзіць, але Ён хацеў гэтымі строгімі словамі патрапіць у «хворае месца»,
каб яны ўсё-ткі зразумелі і вырашылі навярнуцца. Для таго, каб хворы мог вылечыцца, трэба
паставіць дыягназ і правесці лячэнне, інакш хвароба будзе распаўсюджвацца і
гэта можа прывесці да смерці…
Вартаўнікі
Слова, фарысеі, забыліся, што крыніцай Закону з’яўляецца Бог, што Ён – любячы
Айцец. Таму Закон павінен нас заахвочваць і адначасова аберагаць нашу любоў да
Бога і да чалавека, Божага дзіцяці. Такія ўчынкі, як пост ці міласціна павінны
толькі ўзбагачаць гэтую любоў. Фарысеі ж перакруцілі парадак каштоўнасцяў, а
тое, што другараднае зрабілі найважнейшым. Паводле слоў Ісуса найважнейшая менавіта вера ў Бога –
наша пранікнутая любоўю повязь з Ім; міласэрнасць – повязь любові з нашымі
бліжнімі і справядлівасць – высілак, каб кожны атрымаў тое, што яму належыць.
Таму жыццё вераю, нашыя жывыя зносіны з Богам павінны нас ачышчаць з сярэдзіны
(паволі але паслядоўна), каб кожны з нас мог стаць “новым чалавекам”, дзіцём,
падобным да свайго Таты – Бога.
Гора
фарысеям, аматарам масак, бо яны намагаюцца сябе паказаць людзям вялікімі, але
іх нутро вельмі плыткае. Любяць яны не тое, што ў вышынях, а тое, што зямное.
Таму гора і нам, калі любім тое, што вонкавае (велічнасць, улада, захапленне з
боку іншых), а не шукаем любові Бога. Прарокі і Сын Божы былі адвергнутыя
сваімі і забітыя з-за праўды, якую абвяшчалі. Яны былі знішчаныя, таму што іх
сучаснікі не хацелі слухаць Бога. Таксама і мы, калі не хочам прыняць Божую
Праўду, якая абвяшчаецца сёння, забіваем тых самых прарокаў сваім выбарам зла.
Таму не важна, носіш ты сёння модныя джынсы ці манаскі габіт. Важна тое, ці
прымаеш у сваё сэрца Божае Слова разам з жыватворчым Духам Святым і дазваляеш
Яму весці цябе.
Калі
ўважліва прыгледзецца да свайго жыцця, можна заўважыць, што гэтыя словы Ісуса
адносяцца таксама і да мяне, хрысціяніна ХХІ ст. … Я таксама вельмі часта
паступаю як фарысей ці кніжнік, тады, калі хачу дагадзіць не Богу, але людзям.
А ці часам я таксама не шукаю славы ў людзей? Ці не здараецца ў маім жыцці так,
што абмінаю правасуддзе, міласэрнасць і веру, пакідаючы справы духоўнага жыцця
да “заўтра”, “праз месяц, год”, “калі пайду на пенсію”, спадзяючыся на тое, што
“неяк там усё вырашыцца”, “я не такі горшы, як іншыя”, давяраючы не Госпаду,
але выконваючы свае жаданні?
Ці
падатлівы я на ачышчэнне Божым Словам? Ці з’яўляюцца адносіны з Богам апорай
майго жыцця? Я веру ці больш давяраю маім уласным дасягненням? Ці рэалізую ў
адносінах з іншым людзьмі дадзеную Хрыстом запаведзь любові? Ці ажыцяўляю я
Божае Слова сваімі ўчынкамі? Ці не з’явілася ў мяне звычка асуджаць іншых за
тое, што не жывуць Словам Божым? Ці не засяроджваюся я занадта над тым, што ў
маім жыцці вонкавае, занядбоўваючы свае адносіны з Богам і бліжнімі?
Фарысейская
кіслата пагражае і нам, таму Царква праз заступніцтва св. Монікі сёння просіць: "Божа, Суцяшальнік
засмучаных, Ты міласэрна прыняў матчыны слёзы святой Монікі і ўдзяліў ласку
навяртання яе сыну Аўгустыну, * дай нам праз заступніцтва іх абодвух аплакваць
грахі і знайсці Тваё прабачэнне".

Комментариев нет:
Отправить комментарий