Езус сказаў першасвятарам і старэйшынам народу:
Як вам здаецца? У аднаго чалавека былі два сыны. Прыйшоўшы да першага ён
сказаў: Сыне, ідзі і працуй сёння ў вінаградніку. Але той адказаў: Не хачу! А
пасля, апамятаўшыся, пайшоў. Тады ён падышоў да другога і сказаў тое самае. Той
жа сказаў у адказ: Ужо іду, спадару. І не пайшоў. Каторы з двух выканаў волю
бацькі? Кажуць Яму: Першы.
Тады Езус кажа ім: Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусніцы наперадзе
вас ідуць у Валадарства Божае. Бо прыйшоў да вас Ян шляхам справядлівасці, і вы
не паверылі яму. А мытнікі і распусніцы паверылі яму. Вы ж, убачыўшы, не
апамяталіся пасля, каб паверыць яму.
“Не хачу!”, “Не буду!”, “А
навошта мне гэта?..” – як жа часта з маіх вуснаў выходзяць гэтыя і падобныя ім
словы… Як жа лёгка іх, прабачце “ляпнуць”, замест таго, каб “сціснуўшы сківіцы”,
выконваць штодзённыя абавязкі, праз іх ідучы за Табой…працуючы, хоць нават для
большасці можа здавацца, што я проста “праціраю штаны” і губляю час…
У той жа час, як бачым, для
Цябе, Божа, па-сутнасці не так важна, што я там часта сабе бармачу пад нос,
наракаючы, жалячыся, уздыхаючы і марачы аб нейкіх іншых рэальнасцях… Для Цябе
важна, каб я выконваў Тваю волю, хоць гэта зусім няпроста і вельмі часта
незаўважальна…

Комментариев нет:
Отправить комментарий