Старонкі

среда, 21 августа 2013 г.

21.08.2013 - успамін св. Пія Х, папы.

Мц 20, 1–16а

Езус расказаў сваім вучням гэтую прыпавесць:       
Валадарства Нябеснае падобнае да гаспадара дому, які выйшаў на світанні наняць работнікаў у вінаграднік свой. Дамовіўшыся з работнікамі па дынару за дзень, ён паслаў іх у вінаграднік свой.

Пасля ён выйшаў каля трэцяй гадзіны і, убачыўшы іншых, якія стаялі на рынку без працы, cказаў ім: Ідзіце і вы ў вінаграднік мой, і я справядліва заплачу вам. Яны пайшлі. Зноў выйшаўшы каля шостай і дзевятай гадзіны, зрабіў тое самае.

Выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі без працы, і сказаў ім: Чаму вы стаіце тут цэлы дзень без працы? Яны сказалі яму: Нас ніхто не наняў. Ён кажа ім: Ідзіце і вы ў вінаграднік.

Калі ж настаў вечар, гаспадар вінаградніку сказаў свайму эканому: Пакліч работнікаў і заплаці, пачаўшы з апошніх да першых. I тыя, хто прыйшоў каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынары. Тыя, што прыйшлі першымі, думалі, што атрымаюць больш, але яны таксама атрымалі па дынары.

Узяўшы, яны пачалі наракаць на гаспадара дому, кажучы: Гэтыя апошнія працавалі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанеслі цяжкі дзень і спёку. У адказ ён сказаў аднаму з іх: Дружа, я не крыўджу цябе. Хіба не аб дынары ты дамаўляўся са мною? Вазьмі сваё і ідзі. Я ж хачу даць гэтаму апошняму так, як і табе. Ці ж не дазволена мне рабіць са сваім тое, што хачу? Ці вока тваё зайздросціць, што я добры? Гэтак апошнія будуць першымі, а першыя — апошнімі.


Хрыстос заклікае нас да працы ў сваім вінаградніку, якім з’яўляецца паўсюдная Царква… Заклікае кожнага па-асобку, у розны час, розным чынам… Вызначае розныя заданні, выконваючы якія мы сапраўды можам прычыніцца да ўзрастання Божага Валадарства ў наш час… І ўзнагарода адна для ўсіх – дынар жыцця вечнага…
Прыкладам руплівага клопату аб Царкве з’яўляецца апякун сённяшняга дня, св. Пій Х – дэвізам якога былі словы «Аднавіць усё ў Хрысце» - які праз усё свае служэнне вылучаўся як сапраўдны душпастыр: бараніў цэласнасці веравучэння, выступаў за тое, каб дзеці прымалі Першую святую Камунію як мага раней, падтрымліваў часты ўдзел у Эўхарыстыі, рэфармаваў рэлігійнае жыццё духавенства і вернікаў, паспрыяў паляпшэнню падрыхтоўкі святароў, аднавіў грыгарыянскі харал, Рымскі Імшал, Брэвіярый і каляндар і многае іншае…

Аднавіць усё ў Хрысце – гэтыя словы вельмі актуальныя асабліва ў наш час, калі ёсць столькі пагроз, каб не будаваць Царкву Хрыстову, але яе нішчыць і разбураць… 

Святы Пій Х, маліся за нас.

Комментариев нет:

Отправить комментарий