Старонкі

суббота, 31 августа 2013 г.

31.08.2013 - субота XXI Звычайнага тыдня

Мц 25, 14–30

Езус расказаў сваім вучням гэтую прыпавесць:

Пэўны чалавек, ад’язджаючы, паклікаў слуг сваіх і даручыў ім маёмасць сваю. Аднаму даў пяць талантаў, другому — два, іншаму — адзін, кожнаму паводле ўласных магчымасцяў, і ад’ехаў. Той, які атрымаў пяць талантаў, пайшоў і пусціў іх у абарот, і зарабіў яшчэ пяць талантаў. Таксама і той, які атрымаў два таланты, прыдбаў яшчэ два. А той, які атрымаў адзін талант, пайшоў і закапаў яго ў зямлю, і схаваў срэбра гаспадара свайго.

Па доўгім часе прыходзіць гаспадар слугаў гэтых і патрабуе ад іх рахунку.

Той, які атрымаў пяць талантаў, падышоў і прынёс яшчэ пяць талантаў і кажа: Гаспадар, пяць талантаў ты даў мне, вось яшчэ пяць талантаў я зарабіў на іх. Гаспадар ягоны сказаў яму: Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго.

Падышоў таксама і той, які атрымаў два таланты, і сказаў: Гаспадар, два таланты ты даў мне, вось яшчэ два таланты зарабіў я. Гаспадар ягоны сказаў яму: Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны: над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго.

Падышоў і той, які атрымаў адзін талант, і сказаў: Гаспадар, я ведаў, што ты чалавек жорсткі: жнеш там, дзе не сеяў, і збіраеш там, дзе не рассыпаў. Таму, пабаяўшыся, я пайшоў і схаваў талант твой у зямлю. Вось вазьмі сваё.

Гаспадар жа ягоны сказаў яму ў адказ: Нягодны і лянівы слуга, ты  ведаў, што я жну там, дзе не сеяў, і збіраю там, дзе не рассыпаў. Таму трэба было табе аддаць срэбра маё банкірам, а я, прыйшоўшы, атрымаў бы сваё з выгадай. Таму забярыце ў яго талант і дайце таму, хто мае дзесяць талантаў. Бо кожнаму, хто мае, будзе дадзена і памножыцца. А ў таго, хто не мае, будзе забрана і тое, што мае. А нягоднага слугу выкіньце вон у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў.

Кожнаму з нас дадзены таланты, дадзены сродкі, сілы  ісці па таму шляху, па якім прызначана нам ісці Божым Провідамі па якому мы можам ісці. Калі скажам Госпаду “Так”, дадзены нам талент раскрыецца, памножыцца.

Кожны дар прадугледжвае адказнасць. Калі наступае  час падводзіць вынікі, лянівы апраўдвае сябе. «Вось табе  тваё, – гаворыць ён, вяртаючы свой талант Госпаду. – Хоць я і не  павялічыў яго, як гэта зрабілі іншыя, усё ж я не паменшыў яго».

Напрыканцы  нашай зямной пілігрымкі адказваць нам давядзецца не толькі за зло, якое мы  здзейснілі, але і за дабро, якога не зрабілі. Бо, паводле сённяшняга  Евангелля, сумны канец чакае не толькі таго, хто страціў, марна  развёў, праматаў дадзеныя яму ў доўг таланты, але разам з ім і таго,  хто проста не памножыў іх, не прыклаў намаганняў для таго, каб  дар, атрыманы ад Творцы, быў сагрэты цеплынёй адоранага сэрца…

Кожнаму з нас дадзены таланты… І не так важна – колькі ў каго… намнога важнейшым з’яўляецца пытанне – што я з імі зраблю ў сваім жыцці?



Комментариев нет:

Отправить комментарий