Старонкі

понедельник, 16 сентября 2013 г.

16.09.2013 - успамін св. св. Карнэлія, папы, і Кіпрыяна, біскупа, мучанікаў

Лк 7, 1–10
Калі Езус скончыў сваю прамову да народа, Ён увайшоў у Кафарнаум. У аднаго ж сотніка захварэў і быў пры смерці слуга, якім ён даражыў. Пачуўшы пра Езуса, сотнік паслаў да Яго юдэйскіх старэйшын, каб папрасілі Яго прыйсці і аздаравіць ягонага слугу.

Тыя прыйшлі да Езуса і настойліва прасілі Яго, кажучы: Ён варты, каб Ты зрабіў яму гэта, бо ён любіць наш народ і нават пабудаваў нам сінагогу.

Езус пайшоў з імі. І калі Ён быў ужо недалёка ад дому, сотнік паслаў сяброў сказаць Яму: Пане, не турбуйся, бо я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой. Таму я не палічыў сябе вартым прыйсці да Цябе. Але скажы слова, і будзе здаровы слуга мой. Бо я таксама чалавек, падпарадкаваны ўладзе, і маю ва ўладзе жаўнераў. Кажу аднаму: Ідзі, — і ён ідзе; другому: Прыйдзі, — і ён прыходзіць; а майму слузе: Зрабі гэта, — і ён робіць.

Пачуўшы гэта, Езус дзівіўся яму і, павярнуўшыся да натоўпу, які спадарожнічаў Яму, сказаў: Кажу вам: нават у Ізраэлі Я не знайшоў такой вялікай веры.

Калі ж пасланцы вярнуліся дадому, яны засталі слугу здаровым.



Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў да мяне, але скажы толькі слова, і будзе аздароўлена душа мая… Падчас кожнай Найсвяцейшай Ахвяры звяртаюся гэтай малітвай, якая базуецца на словах сотніка з сённяшняга Евангелля, да Цябе, Госпадзі… Але ці часам я не прывык да яе?... Ці сапраўды падчас кожнай святой Імшы я ўсведамляю, што на алтар прыходзіш Ты, адзін Бог і адзін пасрэднік паміж Богам і людзьмі? Ці памятаю аб тым, што менавіта Эўхарыстыя павінна быць крыніцай і вяршыняй майго жыцця?...


Ты, Госпадзі, прыходзіш… Амаль незаўважальны, пад постаццю хлеба і віна, Ты прыходзіш, усемагутны Валадар, для таго, каб паказаць сваю любоў і навучыць мяне гэтай любові…

Комментариев нет:

Отправить комментарий