Мц 10, 24–33
У той час Езус сказаў сваім вучням: Вучань не вышэйшы за настаўніка, і слуга не
вышэйшы за гаспадара свайго. Вучню дастаткова быць як настаўнік ягоны, і слузе
— як гаспадар ягоны. Калі гаспадара дому назвалі Бэльзэбулам, то тым больш
назавуць хатніх яго? Таму не бойцеся людзей, бо няма нічога схаванага, што б не
адкрылася, і нічога патаемнага, што б не стала вядомым. Што кажу вам у цемры,
гаварыце на святле, і што на вуха чуеце, прапаведуйце на дахах. Не бойцеся тых,
хто забівае цела, душы ж не могуць забіць; а больш бойцеся таго, хто можа і
душу, і цела загубіць у геене. Ці ж не два вераб’і прадаюцца за ас? I ніводзін
з іх не ўпадзе на зямлю без волі Айца вашага.
У вас жа і валасы на галаве палічаны. Таму не бойцеся: вартыя вы больш за
многіх вераб’ёў. Так кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Я прызнаю перад
Айцом Маім, які ў нябёсах. А хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я
адракуся перад Айцом Маім, які ў нябёсах.
Гэта слова Пана.
Сёння Госпад асцерагае нас ад усялякай няпраўды і
грэху, якія знішчаюць нашу повязь з Богам.
Ісус гаворыць нам, што Госпад ведае пра нашы
цяжкасці і выпрабаванні, але ў выпрабаваннях гартуецца наш дух. Ні адзін волас
з галавы нашай не ўпадзе без ведама Госпада – так кажа Ісус, і таму, кажа нам –
не бойцеся.
Калі мы будзем вернымі Гасподняй праўдзе, Ён абяцае
нам Сваю падтрымку. Ён абяцае нам Сваю вернасць. І заклікае смела абвяшчаць Яго
вучэнне і сведчыць аб Ім. Сведчыць найперш сваім жыццём.
Дык будзьма ж адважнымі. Няхай не будзе ў нашым
жыцці месца няпраўдзе і несправядлівасці. Няхай сапраўды нашыя дарогі будуць
шляхамі любові і даверу да Хрыста.

Комментариев нет:
Отправить комментарий