Старонкі

понедельник, 21 июля 2014 г.

21.07.2014 панядзелак XVI звычайнага тыдня



Мц 12, 38–42
Каралева Поўдня ўстане на судзе з гэтым пакаленнем
     У той час: Некаторыя кніжнікі і фарысеі сказалі Езусу: Настаўнік, хочам ад цябе ўбачыць знак. Але Ён адказаў ім: Пакаленне нягоднае і распуснае шукае знаку, але ніякага знаку не будзе дадзена яму, апрача знаку Ёны прарока. Бо як Ёна быў у чэраве кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.
     Людзі з Нінівы ўстануць на судзе супраць гэтага пакалення і асудзяць яго, бо яны пакаяліся дзякуючы прапаведаванню Ёны, а тут большае, чым Ёна.
     Каралева Поўдня ўстане на судзе з гэтым пакаленнем і асудзіць яго, бо яна прыйшла з краю зямлі паслухаць мудрасці Саламона, а тут большае, чым Саламон. 

 З часоў Старога Запавета чалавек мала змяніўся: навучыўся вырабляць розныя тэхнічныя навінкі, але ў стасунках з Богам, так і не “прайшоў мадэрнізацыю”.Мы і сёння, як кніжнікі і фарысеі з пачутага Евангелля, патрабуем ад Хрыста нейкага асаблівага знаку. І не разумеем, што пераконваюць не знакі, а гатоўнасць прыняць Бога, гатоўнасць паверыць. Пераконваемся ў Божай праўдзе, калі хочам адкрыцца на яе, калі сапраўды адкрылі вушы, каб пачуць сэнс, а не ацаніць прыгажосць стыля.

І таму кажа Хрыстос:
“Ніякага знаку не будзе дадзена яму, апрача знаку Ёны прарока. Бо як Ёна быў у чэраве кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.
Так, гэта – адзіны знак, які сапраўды быў неабходны, каб паслядоўнікі і вучні Хрыста ўпэўніліся ў праўдзівасці Ягоных слоў. Але гэтага – дастаткова. Таму, што таго, каму недастаткова, не пераканаюць ніякія цуды і знакі – ён проста не жадае іх бачыць, а патрабуючы “доказаў” здымае з сябе адказнасць за нявер’е.
Мы сёння збіраемся ля Божага алтара, каб перажыць цуд Літургіі. Але давайце шчыра спытаемся, ці ўсведамляем мы сапраўды, што вось гэта і ёсць – той самы знак і цуд? Мы прызвычаіліся да яго, і амаль перасталі заўважаць. А, тым часам, Літургія – не проста “чын на ўспамін”. Гэта Ахвяра Хрыста, якая адбываецца для нашага збаўлення тут і цяпер. Госпад усё яшчэ шукае ключ ад нашых душаў. А ў адказ – як “сбой праграмы” – атрымлівае 5.000 на касцёл.
Нешта тут не так… Ці не здаецца вам?

Комментариев нет:

Отправить комментарий