Ян 20, 1–2. 11–18
Жанчына, чаго ты плачаш? Каго шукаеш?
У першы дзень тыдня Марыя
Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што
камень адсунуты ад магілы. І пабегла, і прыбыла да Сымона Пятра і да другога
вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе
паклалі Яго.
Марыя стаяла каля магілы і
плакала. Калі ж плакала, зазірнула ў магілу і ўбачыла двух анёлаў у белым
адзенні, якія сядзелі, адзін каля галавы, а другі каля ног, дзе ляжала цела
Езуса.
І яны кажуць ёй: Жанчына, чаго ты
плачаш?
Адказала ім: Забралі Пана майго,
і не ведаю, дзе паклалі Яго.
Калі гэта сказала, азірнулася і
ўбачыла Езуса, які стаяў там, але не ведала, што гэта Езус.
Кажа ёй Езус: Жанчына, чаго ты
плачаш? Каго шукаеш?
Яна, думаючы, што гэта садоўнік,
кажа Яму: Пане, калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе ты паклаў Яго, і я забяру
Яго.
Езус кажа ёй: Марыя! А яна
азірнулася і сказала Яму па-габрэйску: Раббуні, – што азначае “Настаўнік”.
Кажа ёй Езус: Не затрымлівай
Мяне, бо Я яшчэ не ўзышоў да Айца. Ідзі ж да братоў Маіх і скажы ім: Узыходжу
да Айца Майго і Айца вашага, да Бога Майго і Бога вашага.
Пайшла Марыя Магдалена абвясціць
вучням, што бачыла Пана і тое, што Ён сказаў ёй.
“Каго шукаеш? Чаго плачаш?” – пытаецца нас сёння
Хрыстос… Ці шукаеш Бога, Яго волі адносна свайго жыццёвага шляху, ці можа ідзеш
за сваімі пажаданнямі?
Марыя Магдалена вучыць нас перад усім не
плакаць-галасіць, але ўбачыць вачыма веры Таго, Які перамог грэх і смерць, каб
мы маглі жыць па-сапраўднаму…

Комментариев нет:
Отправить комментарий