Старонкі

среда, 23 июля 2014 г.

23.07.2014 - свята св. Брыгіды

Ян 15, 1–8
Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён
У той час Езус сказаў сваім вучням: Я — сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой — вінаградар. Кожную галінку ўва Мне, якая не прыносіць плоду, Ён адразае, і кожную, якая дае плод, ён ачышчае, каб давала яшчэ больш пладоў. Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам. Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас. Як галінка не можа прынесці плоду сама з сябе, калі не застанецца ў вінаграднай лазе, так і вы, калі не будзеце ўва Мне.
Я — вінаградная лаза, вы — галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць. Хто не застаецца ўва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне. І збіраюць іх, і кідаюць у агонь, і яна згарае. Калі будзеце ўва Мне і словы Мае ў вас будуць, прасіце, чаго захочаце, і станецца вам. Гэтым уславіцца Айцец Мой, калі вы прынясеце багаты плён і станеце Маімі вучнямі.

«Я — сапраўдная вінаградная лаза. (…) Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас. (…) Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён» (пар. Ян 15, 1–5). Гэтыя Хрыстовы выказванні з’яўляюцца таямніцаю і ключом чалавечага жыцця. Здаецца, пасля разважанняў пра падробкі і штучнасць, у вочы кідаецца слова «сапраўдная». «Я — сапраўдная вінаградная лаза» (пар. Ян 15, 1). Адзіная сапраўдная. Заставацца з Ім, трываць у Ім — гэта корань, які сведчыць пра тое, што сапраўды жывём, што мы людзі, жывыя людзі.
Заставацца ў Ім — гэта не нейкая выпадковая сустрэча, дотык. Быць можа, гэта нават не тая звычайная абрадавая пабожнасць, да якой мы, магчыма, ужо прызвычаіліся або якую не вельмі разумеем, але прымаем пакорным «можа, так трэба». У вінаградніку галінкі не проста знаходзяцца вельмі блізка лазы, яны з ёю злучаныя. Гэта сувязь — не проста надзейнае механічнае змацаванне. Не. Яны ствараюць адзіны арганізм, жыццяздольнасць якога забяспечваецца безліччу ўнутраных, не абавязкова відавочных для нявопытнага ці нават няўзброенага чалавечага вока, каналаў. У гэтай далікатнай лучнасці — таямніца жыцця.
а. Алег Шэнда OFMCap


Комментариев нет:

Отправить комментарий