Мц 13, 31–35
Зерне гарчычнае становіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі
нябесныя і гняздзяцца ў галінах яго
У той час: Езус расказаў народу такую прыпавесць: Валадарства Нябеснае падобнае да
зерня гарчычнага, якое узяў чалавек і пасеяў на полі сваім. Хоць яно меншае за
ўсялякае насенне, калі вырасце, бывае вышэйшым за іншыя расліны і
становіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і гняздзяцца ў
галінах яго.
Пасля Ён прапанаваў ім іншую прыпавесць: Валадарства Нябеснае падобнае да
закваскі, якую жанчына ўзяла і паклала ў тры меры мукі, пакуль не скісла ўсё.
Усё гэтае Езус гаварыў народу прыпавесцямі і без прыпавесці не гаварыў ім, каб
збылося сказанае прарокам, які кажа: адкрыю ў прыпавесцях вусны Мае, раскажу
ўтоенае ад стварэння свету.
…Зерне гарчычнае меньшае за ўсялякае насенне.
Гэтаксама і зерне веры – здаецца, незаўважным. Але, калі прарастае ў душы –
робіцца магутным дрэвам любові. І ў цені гэтага дрэва прыходзяць адпачыць
шматлікія вандроўнікі. Дрэва любові, што прарасло з зерня веры, гатовае даць
цень усім, хто мае патрэбу. Гэтак сэрца чалавека, поўнае любові, абдымае ўсіх, хто шукае дапамогі, ззяе ў
цемры раўнадушша, як светач, што не дае згубіцца.
Зерне веры – Слова, пасеянае Богам у нашу душу. Але
няпроста яго вырасціць. Пакуль набярэцца сіл, пагражаюць яму віхуры спакусаў,
навальніцы здрадаў, град паклёпаў і тысячы “жыццёвых непагодаў”.
Шчаслівы, хто пасеяў гэта зерне на поле свайго
жыцця, даглядаў і клапаціўся, паліваў жывой вадой Божай мудрасці. Шчаслівы, бо
на полі ягонага жыцця квітнее дрэва любові, а галіны яго дастаюць да самага
Божага Валадарства.

Комментариев нет:
Отправить комментарий