Прадае ўсё, што мае,
і купляе гэтае поле
У той час: Езус сказаў народу: Валадарства
Нябеснае падобнае да скарбу, схаванага ў полі, які знайшоў чалавек і ўтаіў. У
радасці ад гэтага ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе гэтае поле.
Яшчэ Валадарства
Нябеснае падобнае да купца, які шукае прыгожых пярлін. Знайшоўшы адну каштоўную
пярліну, ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе яе.
--Ізноў “каштоўная
пярліна”, ізноў “скарб на полі”? Дык мы ж чулі гэта ў нядзелю! Хопіць ужо, мы
згодныя!
Так, чулі. Але
сёння літургічныя чытанні патрабуюць ад нас не толькі адказаць на пытанне, што
з’яўляецца нашым скарбам, а яшчэ і вымагаюць задумацца, ці сапраўды нашым скарбам,
нашай “каштоўнай пярлінай” -- гэта значыць мэтай нашага жыцця – з’яўляецца
Божае Валадарства.
Дар мудрасці і
розуму папрасіў у бога цар Саламон (чулі пра тое ў нядзелю). Галоўнай каштоўнасцю
ў вачах прарока Ераміі, як чуем сёння ў першым чытанні, таксама з’яўляецца
мудрасць, а менавіта, здольнасць “аддзяляць каштоўнае ад нікчэмнага”. І вось жа дзіўная рэч
адбываецца: ніхто не пярэчыць, што
мудрасць і здольнасць адрозніваць каштоўнае ад нікчэмнага — скарб. Але, як
толькі чалавек пачынае ў жыцці кіравацца гэтым скарбам Божай мудрасці і праўды,
яго тут жа пачынаюць “праклінаць” і
пераследваць , аб чым і сведчыць прарок Ерамія.
Чалавеку, які кіруецца сапраўды каштоўнасцямі Божымі, няма месца ў гэтым
свеце. І няма яму месца не толькі таму, што свет яго не прымае, але і таму,
што ён не можа згадзіцца з несправядлівасцю і абсурдам, які яго акружае.
“Я ніколі не
сядзеў на вясёлым сходзе і не радаваўся, але сядзеў самотна пад Тваёю рукою, бо
Ты напоўніў мяне абурэннем,” – усклікае Ерамія. І сёння, калі мы называем сябе
хрысціянамі, варта спытацца, наколькі
шчырыя мы ў сваім хрысціянстве. …Як атрымліваецца так, што многія рэчы,
непрыймальныя з пункту гледжання Божай праўды, нас НЕ АБУРАЮЦЬ? І мы спакойна глядзім, як на нашых вачах
чыніцца несправядлівасць і адварочваемся не “ад вясёлых сходаў”, а пазбягаем
менавіта тых месцаў, дзе ад нас патрабавалася б сказаць адкрыта: “Я не згодны”.
Дык ці сапраўды мы
прагнем Божай мудрасці, а нашай “каштоўнай пярлінай” ёсць Божае Валадарства?
Комментариев нет:
Отправить комментарий