Старонкі

вторник, 5 августа 2014 г.

05.06.2014 - аўторак XVIII Звычайнага тыдня

Мц 14, 22–36
Загадай мне ісці да Цябе па вадзе
Калі натоўп быў накормлены, Езус адразу ж загадаў вучням сваім сесці ў човен і пераплысці на другі бок перад Ім, пакуль Ён адпусціць народ. Адпусціўшы народ, Ён падняўся на гару памаліцца ў самоце. Калі настаў вечар, заставаўся там адзін.
Тым часам човен ужо адплыў шмат стадыяў ад берага. І кідалі яго хвалі, бо вецер быў супраціўны. У чацвёртую ж варту ночы Езус пайшоў да іх, ідучы па моры. А вучні, убачыўшы, як Ён ідзе па моры, спалохаліся і казалі: Гэта прывід. I ад страху закрычалі. Але Езус адразу загаварыў з імі і сказаў: Будзьце адважнымі, гэта Я, не бойцеся.
Пётр сказаў Яму ў адказ: Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе. Ён жа сказаў: Ідзі. Выйшаўшы з чоўна, Пётр пачаў ісці па вадзе і падышоў да Езуса. Але, убачыўшы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: Пане, ратуй мяне! Езус адразу ж працягнуў руку, схапіў яго і сказаў яму: Малаверны, чаму засумняваўся ты? Калі ўвайшлі яны ў човен, вецер сціх. А тыя, хто быў у чоўне, пакланіліся Яму і сказалі: Ты сапраўды Сын Божы!
Пераправіўшыся, яны прыбылі ў зямлю Генэзарэт. Калі ж людзі з гэтай ваколіцы пазналі Езуса, яны разнеслі вестку па ўсёй гэтай ваколіцы. І прыносілі да Яго ўсіх хворых, і прасілі Яго, каб хоць дакрануцца да краю вопраткі Ягонай. І ўсе, хто дакранаўся, былі аздароўлены.


Досвед, калі Бог хапае цябе за руку, не залежыць ад прачытаных кніг, ад твайго розуму. Гэта – досвед, перажытая твая гісторыя. Перш чым Пётр дасведчыў гэткага ратунку, ён павінен быў адважыцца і насуперак усялякай логіцы выйсці з лодкі. Як парашутысты. Найперш ім трэба пераламаць свой страх, выскачыць з самалёта і толькі пасля дасведчыць, як ратуе парашут. Калі б удава не дала прароку Іллі апошняга хлеба, то не дасведчыла б Божага абяцання і цуду. Калі ж мы ўсё будзем правяраць і аблічваць, то ніколі не дасведчым, як Бог намі апякуецца, а значыць, увесь час будзем баяцца і хвалявацца. Многія заснавальнікі манаскіх супольнасцяў адчынялі дамы і ішлі на місіі, не ведаючы, ці будуць на гэта грошы і ці гэта прынясе хоць нейкую карысць. Найперш павінен быць крок веры, альбо, хутчэй, даверу. Гэта заўсёды рызыка і трэба быць гатовым, што можаш прайграць. Трэба Бога не заганяць у рамкі, а дазволіць Яму дзейнічаць, даць Яму свабоду дзеянняў у нашай гісторыі. Незалежна ад вынікаў.
Крыніца: http://viartannie.org



Комментариев нет:

Отправить комментарий