Старонкі

среда, 6 августа 2014 г.

06.08 — свята Перамянення Пана



Мц 17, 1–9
Аблічча Ягонае заззяла, як сонца
У той час: узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і павёў іх адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі, а аблічча Ягонае заззяла, як сонца, і адзенне Ягонае стала белае, як святло. І вось з’явіліся ім Майсей і Ілля, і размаўлялі з Ім.
Пётр сказаў у адказ Езусу: Пане, добра нам тут быць. Калі хочаш, я зраблю тут тры шатры: адзін для Цябе, адзін для Майсея і адзін для Іллі.
Калі ён яшчэ казаў, светлае воблака агарнула іх, і вось голас з воблака сказаў: Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў. Яго слухайце. Пачуўшы гэта, вучні ўпалі ніцма і вельмі спалохаліся.
А Езус падышоў, дакрануўся да іх і сказаў: Устаньце і не бойцеся. Калі яны ўзнялі свае вочы, нікога не ўбачылі, акрамя аднаго Езуса.
І калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім, кажучы: Нікому не кажыце пра гэтае бачанне, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых.

…Цікава ўявіць, што на гару Перамянення трапілі журналісты. Вось карэспандэнт тэленавін, выбіраючы ракурс, каб лепей глядзецца ў кадры, пачынае каментарый:
--Мы вядзем прамы рэпартаж з вядомай гары Табор. Тут праз некалькі хвілін адбудзецца сенсацыйнае шоу. Белае воблыка вось-вось апусціцца на герояў дня (у кадры вяршыня гары на фоне  сіняга неба, у якой знаўцы пазнаюць  абрысы Эверэста, ну, вядома ж ён  глядзіцца куды больш фотагенічна). На той выпадак, калі прыродная з’ява павядзе сябе незгаворліва (вядучы падміргвае гледачам), нашыя спонсары падрыхтавалі  надзейны спецэфект у выглядзе белай дымавой завесы (у кадры два піратэхнікі заклапочана нахіляюцца над скрынкай невядомага прызначэння, іх мужныя твары не пакідаюць сумневу – усё пад кантролем). З супраціўнага боку гары да нас імкліва набліжаюцца чатыры фігуры – гэта віноўнікі сёняшняй урачыстасці (аператар здымае панараму, унізе, на сцяжынцы сапраўды паволі рухаюцца чацвёра падарожных, занятых размовай). Я пазнаю аднаго з іх! Гэта рыбак з Галілеі, здаецца, яго імя Сымон ці па некаторых звестках ён узяў сабе псеўданім – Пётр…
Рэпартаж перарываецца рычаннем рухавіка матацыкла – на тэлеэкране з’яўляецца рэклама “Снікерс”…
…Напэўна таму і не адбываецца сёння цудаў, што нашыя вушы чакаюць з воблака голасу: “Не тармазі – снікерсні!!!” Мы не верым у цуды, у надзвычайныя перамяненні – мы верым у “Суперлато” і ў тое, што  “нашы спонсары” забяспечаць самы выйгрышны кадр.
…Таму і не браў Езус з сабой нікога, акрамя Пятра, Яна і Якуба. І не было тэлекарэспандэнтаў на гары Перамянення. Бо Таямніца Божага прыходу не церпіць дасужых вачэй. А былі там тыя, хто ацэньваў не “выйгрышны кадр” і не прыкідваў, як найлепей прадаць сенсацыю ў Галівуд. Там былі тыя, хто здольны быў пачуць голас з воблыка: “Гэта Сын Мой умілаваны. Яго слухайце!” Здольныя былі пачуць і даверліва прыняць, упасці ніцма перад дзіўнай Таямніцай і пасля, калі настане час пераследу, памятаць пра Перамяненне.
…А мы ці вартыя стаць сведкамі Перамянення? Што ўбачылі б мы на Таборы: Хрыста – Божага Сына ці шоу са спецэфектамі? Пачулі б мы голас з воблыка? Ці сказалі б: “Гэтага не можа быць – гэта нейкі фокус…” Ці былі б мы ашаломленыя, як Пётр, і ў  здзіўленні ці вымавілі б: “Пане, добра нам тут быць… Я зраблю тры шатры…” Ці можа б у нас увогуле б адняло мову і мы б і не падумалі, што можна яшчэ нешта зрабіць ( і, заўважце, зрабіць не для сябе, а для Езуса, Маісея і Іллі).
Праблема сучаснага чалавека ў тым, што ён засяроджаны на сабе – сваіх уражаннях, сваіх задавальненнях, сваіх страхах. Заўсёды на сабе. І таму не бачыць Хрыста, які зусім побач.

Комментариев нет:

Отправить комментарий