Старонкі

четверг, 21 августа 2014 г.

21.08.2014 - успамін св. Пія Х, папы.

Мц 22, 1–14
Усіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле
У той час: Адказваючы, Езус зноў расказаў прыпавесць першасвятарам і старэйшынам народа: Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які справіў вяселле для сына свайго. Ён паслаў слугаў сваіх паклікаць запрошаных на вяселле, але яны не хацелі прыйсці.
Зноў паслаў іншых слугаў, кажучы: Скажыце запрошаным: вось я прыгатаваў гасціну маю, зарэзаны валы мае і адкормлена жыўнасць, і ўсё падрыхтавана. Прыходзьце на вяселле!
Але яны пагардзілі і адышлі: хто на сваё поле, а хто на свой гандаль. Астатнія ж, схапіўшы слугаў ягоных, зняважылі і забілі іх.
Кароль жа раззлаваўся і, паслаўшы войска сваё, знішчыў забойцаў гэтых і падпаліў іхні горад.
Тады ён кажа сваім слугам: Вяселле гатова, але запрошаныя не былі годнымі. Таму пайдзіце на ростані і ўсіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле. I слугі тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі: і кепскіх, і добрых. І напоўнілася вяселле гасцямі.
Кароль, увайшоўшы паглядзець на гасцей, убачыў там чалавека, не апранутага ў вясельную вопратку, і кажа яму: Дружа, як ты ўвайшоў сюды, не маючы вясельнай вопраткі? Ён прамаўчаў. Тады кароль сказаў слугам: Звяжыце яму ногі і рукі, і выкіньце яго вон, у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў.
Бо шмат пакліканых, але мала выбраных.


…Наш Айцец Нябесны кліча ўсіх. Але “пакліканым” не хапае часу, жадання, нават, простай ветлівасці падзякаваць за клопат. Мы маем шанс далучыцца да вяселля, але не хочам яго выкарыстаць, бо гэта значыць давядзецца штосьці мяняць у нашых планах, паводзінах, а ўрэшце і ў думках. І з тымі, хто катэгарычна адмовіўся і “забіў слугаў караля”, нібыта ўсё ясна – заслужана пакараныя.
Але вось далей: “слугі Караля запрасілі ўсіх, каго знайшлі”, дык чаму ж незадаволены Кароль і за што караюць таго небараку? Такая думка імгненна прыходзіць у галаву, калі чуем прыпавесць.
А за тое, што не пайшоў пераапрануцца. Прыняў запрашэнне, прыйшоў частавацца, а не парупіўся, проста кажучы, рукі памыць. Вось і атрымаў неспадзяванку. А мараль простая: калі пачуў хоць аднойчы покліч Бога, ужо не можаш зрабіць выгляд, нібыта нічога не ведаеш. І, калі называем сябе хрысціянамі (згаджаемся ўвайсці ў вясельную залу), то не павінны заставацца ў ранейшым брудзе.

Комментариев нет:

Отправить комментарий