Старонкі

воскресенье, 24 августа 2014 г.

25.08. - панядзелак ХХІ звычайнага тыдня



Мц 23, 13–22
Гора вам, сляпыя правадыры
У той час:  Езус прамовіў, кажучы: Гора вам, кніжнікі і фарысеі крывадушныя, таму што зачыняеце Валадарства Нябеснае перад людзьмі. Бо самі не ўваходзіце і, калі ўваходзяць іншыя, не пускаеце іх.
Гора вам, кніжнікі і фарысеі крывадушныя, таму што абыходзіце мора і сушу, каб зрабіць хоць аднаго празелітам. Калі ж гэта здараецца, робіце яго сынам геены, удвая горшым, чым вы самі.
Гора вам, сляпыя правадыры, якія кажаце: Калі хто клянецца святыняй, то нічога; але калі хто клянецца золатам святыні, то абавязаны. Неразумныя і сляпыя, бо што большае: золата, ці святыня, якая асвячае золата? І зноў: Калі хто клянецца ахвярнікам, то нічога; а калі клянецца дарам, што на ім, то абавязаны. Сляпыя, бо што большае: дар, ці ахвярнік, які асвячае дар? Таму той, хто клянецца ахвярнікам, клянецца і ім, і ўсім, што на ім. І той, хто клянецца святыняю, клянецца і ёю, і тым, хто жыве ў ёй. А хто клянецца небам, клянецца тронам Божым і тым, хто сядзіць на ім.

        Езус звяртаўся да кніжнікаў і фарысеяў – да дасведчаных у пытаннях веры правадыроў. І можа здавацца, што нас гэта не датычыць: мы ж не святары. Гэта яны хай асцерагаюцца. Але сёння Езус гаворыць менавіта кожнаму з нас: “Адкіньце крывадушша – будзьце праўдзівымі.”
     Сёняшні чалавек часта думае, што для таго, каб быць хрысціянінам дастаткова ахрысціцца, паспавядацца раз на год у Велікодным перыядзе, асвяціць Велікодную ежу, падаць запіску за памерлых на Дзень ЗадушныНу яшчэ добра было б ведаць напамяць “Ойча наш” – тут ужо сумневаў няма – хрысціянства проста навідавоку. Але будзем шчырымі: выкананне абрадаў не сведчыць аб веры, а толькі аб тым, што мы чамусьці выконваем абрады і традыцыі. Дык у наш час праводзяць рэканструкцыі  славутых бітваў, але ж наяўнасць латаў і мяча не робіць нас рыцарамі і каралеўнамі.
Хрысціянамі нас робіць дзейсная вера і – як вынік – праяўленне шчырай і бескарыслівай любові да нашых бліжніх.
      І яшчэ: не можа быць вера сляпой. Сапраўдная вера заўсёды імкнецца распазнаць, зразумець, пачуць голас Бога. Не абмяжоўваецца бяздумна рытуальнымі дзеяннямі (гэта якраз сведчыць аб раўнадушшы), а імкнецца зразумець сутнасць, не баіцца задаваць пытанні і шукае адказы. Сапраўднае вера мае шырока адкрытыя вочы і пільны зрок душы.
          Няхай нашая вера будзе такой.

Комментариев нет:

Отправить комментарий