Мц
25, 14–30
У малым ты быў верны, увайдзі ў радасць
гаспадара твайго
У той час Езус расказаў сваім вучням гэтую
прыпавесць: Пэўны чалавек, ад’язджаючы, паклікаў
слуг сваіх і даручыў ім маёмасць сваю. Аднаму даў пяць талантаў, другому — два,
іншаму — адзін, кожнаму паводле ўласных магчымасцяў, і ад’ехаў. Той, які
атрымаў пяць талантаў, пайшоў і пусціў іх у абарот, і зарабіў яшчэ пяць
талантаў. Таксама і той, які атрымаў два таланты, прыдбаў яшчэ два. А той, які
атрымаў адзін талант, пайшоў і закапаў яго ў зямлю, і схаваў срэбра гаспадара
свайго.
Па доўгім часе прыходзіць гаспадар
слугаў гэтых і патрабуе ад іх рахунку.
Той, які атрымаў пяць талантаў, падышоў
і прынёс яшчэ пяць талантаў і кажа: Гаспадар, пяць талантаў ты даў мне, вось
яшчэ пяць талантаў я зарабіў на іх. Гаспадар ягоны сказаў яму: Добра, слуга
добры і верны, у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў
радасць гаспадара твайго.
Падышоў таксама і той, які атрымаў два
таланты, і сказаў: Гаспадар, два таланты ты даў мне, вось яшчэ два таланты
зарабіў я. Гаспадар ягоны сказаў яму: Добра, слуга добры і верны, у малым ты
быў верны: над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго.
Падышоў і той, які атрымаў адзін
талант, і сказаў: Гаспадар, я ведаў, што ты чалавек жорсткі: жнеш там, дзе не
сеяў, і збіраеш там, дзе не рассыпаў. Таму, пабаяўшыся, я пайшоў і схаваў
талант твой у зямлю. Вось вазьмі сваё.
Гаспадар жа ягоны сказаў яму ў адказ:
Нягодны і лянівы слуга, ты ведаў, што я жну там, дзе не сеяў, і збіраю
там, дзе не рассыпаў. Таму трэба было табе аддаць срэбра маё банкірам, а я,
прыйшоўшы, атрымаў бы сваё з выгадай. Таму забярыце ў яго талант і дайце таму,
хто мае дзесяць талантаў. Бо кожнаму, хто мае, будзе дадзена і памножыцца. А ў
таго, хто не мае, будзе забрана і тое, што мае. А бескарыснага слугу выкіньце
вон у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў.
…Здзіўляе дзёрзкасць гэтага апошняга -- мала таго, што не
паклапаціўся, каб атрымаць прыбытак, дык яшчэ і выказвае гаспадару ў вочы: “Я
ведаю, што ты жорсткі і нажываешся за чужы кошт…” Цікава, ён і на самой справе
спадзяваўся, што Гаспадару спадабаецца ягоны адказ?
А калі сур’ёзна, то сітуацыя гэта часта адбываецца ў
чалавечых адносінах з Богам. Незадаволеныя сваім жыццём, мы схільныя вінаваціць
Бога ў нашых няўдачах, хоць самі не прыкладаем высілкаў, каб неяк упарадкаваць
яго. Мы называем Божыя прыказанні несучаснымі і насміхаемся з тых, хто
стараецца іх выконваць, а калі ў наша жыццё прыходзіць нечаканая бяда,
здзіўляемся і ўсклікаем: “Божа, за што гэта мне?! Чаму Ты такі жорсткі?!” І
зусім не бярэм пад увагу, што ўчынкі нашыя супярэчылі Божай праўдзе. І здзіўляць нас павінна тое, што гэтая "бяда" здарылася толькі зараз.
Вядома ж, значна прасцей абурацца на тое, што "кожнаму, хто мае, будзе дадзена і памножыцца, а ў
таго, хто не мае, будзе забрана і тое, што мае..." Але сёння Хрыстос кліча нас паглядзець крытычна на сваё жыццё, і, пакуль яшчэ не позна, "пусціць у абарот свой талант".

Комментариев нет:
Отправить комментарий