Лк 4, 38–44
Таксама іншым гарадам Мне трэба
абвяшчаць Добрую Навіну, бо для гэтага Я пасланы
У той час: Езус пакінуў сінагогу і прыйшоў у дом
Сымона. Між тым моцная гарачка ахапіла Сымонаву цешчу. І прасілі Яго за яе.
Стаўшы над ёю, Езус забараніў гарачцы,
і тая пакінула яе. Жанчына адразу ж паднялася і прыслугоўвала ім.
На захадзе сонца ўсе, хто меў хворых на
розныя немачы, прыводзілі іх да Езуса. Ён жа, ускладаючы рукі на кожнага з іх,
аздараўляў іх. І шмат з каго выходзілі злыя духі, якія крычалі, кажучы: Ты —
Сын Божы! Але Ён забараняў і не дазваляў ім казаць, бо яны ведалі, што Ён
Месія.
Калі настаў дзень, Езус выйшаў і
скіраваўся ў пустыннае месца. А людзі шукалі Яго і, прыйшоўшы да Яго, затрымлівалі
Яго, каб не сыходзіў ад іх.
Але Ён сказаў ім: Таксама іншым гарадам
Мне трэба абяшчаць Добрую Навіну аб Валадарстве Божым, бо для гэтага Я пасланы.
І прапаведаваў у сінагогах Юдэі.
Сёння мы бачым Хрыста ў Яго магутнай сіле, Хрыста як цудатворцу, які
аздараўляе, выганяе злых духаў, прыносіць палёгку людзям. Бачым, што Ён нікому не адмаўляе ў дапамозе, цалкам аддае сябе
тым, хто прыходзіць, просячы ратунку. Дапамагае і тым, за каго просяць іншыя!
І людзі ідуць бясконцым патокам са сваімі патрэбамі,
болем, хваробамі, апантанасцю. І тады, і цяпер – толькі з патрэбамі. І неяк
зусім выпадае з-пад увагі, што мэта Ісуса зусім не ў тым, каб вылечыць усіх
хворых (бывае, што хвароба спрыяе навяртанню і збаўленню чалавека). Яго мэта ў
тым, каб абвяшчаць Добрую Навіну аб Валадарстве Божым. І абвяшчаць яе ўсім – і тым,
хто “затрымлівае Яго, каб не сыходзіў”, і “іншым гарадам”, і нам, цяперашнім.
Толькі вось чалавек ніяк не “паддаецца” – яму даволі
цудаў і аздараўленняў. А “Добрая Навіна”? Ды няма часу ў ёй разбірацца – не баліць
нічога, і хопіць… Хопіць?
Што адкажам?

Комментариев нет:
Отправить комментарий