Старонкі

понедельник, 8 сентября 2014 г.

09.09 -- аўторак ХХІІІ звычайнага тыдня



Лк 6, 12–19
Правёў ноч у малітве. І выбраў Дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі
У тыя дні: Езус узышоў на гару памаліцца і правёў ноч у малітве да Бога. Калі настаў дзень, паклікаў сваіх вучняў і выбраў з іх Дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі: Сымона, якога назваў Пятром, Андрэя, брата ягонага, Якуба і Яна, Філіпа і Барталамея, Мацвея і Тамаша, Якуба Алфеевага і Сымона, якога называлі Зілотам, Юду Якубавага і Юду Іскарыёта, які стаў здраднікам.
Езус сышоў з Дванаццаццю ўніз і стаў на раўніне. І быў там вялікі натоўп вучняў Ягоных і вялікае мноства людзей з Юдэі і Ерузалема, з узбярэжных ваколіц Тыра і Сідона.
Яны прыходзілі паслухаць Яго і аздаравіцца ад сваіх хваробаў. І тыя, хто цярпеў ад нячыстых духаў, вылечваліся. І ўсе людзі імкнуліся дакрануцца да Яго, таму што ад Яго сыходзіла сіла і вылечвала ўсіх.


Чаму так многа атрымлівалася ў Езуса і чаму так часта церпім няўдачы мы? Сёння ў Евангеллі мы можам знайсці адказ: перш, чым прыняць важнае рашэнне, Хрыстос МАЛІЎСЯ. Не так, як часта робім мы: спехам, таму, што "так трэба" ці проста "на ўсялякі выпадак". Не, Ён уваходзіў у прастору малітвы і знаходзіўся ў ёй -- сам на сам з Богам, нібы па-за часам. Трываў у ёй, жыў ёй, і знаходзіў дапамогу , бо раіўся з Богам, імкнуўся перш за ўсё зразумець, чаго хоча Айцец.
Дык што, Ён ніколі не памыляўся? А чаму ж тады "ўзяў у Апосталы" Юду Іскарыёта? 
Так, не памыляўся. Бо і Юда -- не выпадковы. Езус прадбачыў здраду, але Ягоная сутнасць -- Любоў -- патрабавала менавіта гэтага кроку: кроку даверу. Бо Сапраўдная Любоў заўсёды выбірае давер і дае шанс чалавеку. І згаджаецца лепей быць укрыжаванай, чым "паставіць крыж" на кімсьці.

Комментариев нет:

Отправить комментарий