Лк 6, 39–42
Хіба
можа сляпы вадзіць сляпога?
У
той час: Езус
расказаў сваім вучням такую прыпавесць: Хіба можа сляпы вадзіць сляпога? Ці ж
не зваляцца абодва ў яму?
Вучань
не большы за настаўніка. Але кожны добра падрыхтаваны стане такім, як яго
настаўнік.
Чаму
ты бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ва ўласным воку не заўважаеш? Як
ты можаш казаць брату свайму: Дай, браце, я выцягну шчэпку з вока твайго, —
калі сам не бачыш бервяна ў сваім воку? Крывадушнік, выцягні спачатку бервяно
са свайго вока, і тады ўбачыш, як выцягнуць шчэпку з вока свайго брата.
“Хіба можа сляпы вадзіць сляпога? Ці ж не зваляцца абодва
ў яму?” – чуем сёння. І безумоўна згаджаемся, калі сапраўды разважаем пра
рэальна сляпога чалавека. Але, чамусьці слепата духоўная нас не пужае: ахвотна
паддаемся на байкі розных красамоўцаў, адкідаючы навуку касцёла. Чаму? А таму,
што яны гавораць тое, што нам хочацца чуць: рабіце ўсё, што хочаце, жывіце і
клапаціцеся толькі пра задавальненне жаданняў, бярыце ўсё ад жыцця, трэба ўсё
паспытаць у жыцці; перш, чым ажаніцца,
трэба пажыць разам і праверыць, ці падыходзіце вы адзін аднаму…
Колькі яшчэ падобных прыкладаў чуем мы штодзённа? І
слухаем “сляпцоў” і разам валімся ў яму.
Адначасова, мы рэдка ўспамінаем пра ўласную недасканаласць,
затое заўсёды гатовыя павучаць другога. Нам здаецца (ў нашай слепаце), што мы
“ніколі б так не зрабілі”, як наш сусед, брат ці калега. Але ж ці сапраўды так?
Чаму не прыходзяць нам на памяць уласныя памылкі, калі мы падступаемся са “шчыпцамі
праўды” да вока бліжняга? Можа, варта было б напачатку разабраць уласны дравяны склад?
Вядома, калі наш сябра памыляецца, мы павінны дапамагчы
яму ўбачыць яго памылку. Але адначасова павінны зрабіць гэта так, каб сапраўды
дапамагчы яму выправіць шкоду, а не зняважыць ці высмеяць чалавека.
Хрыстос сёння асцерагае нас ад духоўнай слепаты, і чакае,
што мы будзем шукаць Ягонай праўды, каб не ўваліцца ў прорву, дзе не будзе
святла. Чакае нашай пакоры і самакрытычнасці, чакае, што не здаволімся станам
слепаты, а пажадаем, каб Бог адкрыў нашы вочы і зрабіў бы нашыя сэрцы
відушчымі.

Комментариев нет:
Отправить комментарий