Старонкі

среда, 17 сентября 2014 г.

18.09. -- чацвер ХХІV звычайнага тыдня



Лк 7, 36–50
У той час: Адзін з фарысеяў запрасіў Езуса паесці з ім. І ўвайшоўшы ў дом фарысея, Ён узлёг за сталом. І вось, жанчына, якая была грэшніцай у горадзе, даведаўшыся, што Ён узлёг за сталом у доме фарысея, прынесла алебастравы флакон пахучага алею і, стоячы ззаду каля ног Ягоных і плачучы, пачала абліваць ногі Ягоныя слязьмі і валасамі сваёй галавы выцірала і цалавала ногі Яму, і намашчвала пахучым алеем.
Убачыўшы гэта, фарысей, які запрасіў Яго, сказаў сам сабе: Калі б Ён быў прарокам, то ведаў бы, хто гэта жанчына, якая дакранаецца да Яго, што яна грэшніца.
І Езус сказаў яму ў адказ: Сымон, Я хачу нешта сказаць табе.
Ён жа кажа: Скажы, Настаўнік.
У аднаго крэдытора былі два даўжнікі. Адзін вінен быў пяцьсот дынараў, а другі – пяцьдзесят. Паколькі не мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Дык хто з іх больш палюбіць яго?
Сымон адказаў: Думаю, той, каму больш даравана.
Ён сказаў яму: Ты правільна разважыў.
І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: Бачыш гэтую жанчыну? Я прыйшоў у твой дом, і ты не даў Мне вады для ног, а яна слязьмі абліла Мае ногі і выцерла сваімі валасамі. Ты пацалунку Мне не даў, а яна з той хвіліны, калі Я прыйшоў, няспынна цалуе Мне ногі. Ты галавы Мне алеем не намасціў, а яна пахучым алеем намасціла Мне ногі. Дзеля гэтага кажу табе: Даруюцца ёй грахі многія за тое, што яна вельмі палюбіла. А каму мала даруецца, той мала любіць.
А ёй сказаў: Даруюцца табе грахі.
І тыя, хто сядзеў за сталом разам з Ім, пачалі казаць самі сабе: Хто Ён такі, што нават грахі даруе?
А Ён сказаў жанчыне: Вера твая ўратавала цябе, ідзі ў спакоі. 
 
Вы згодныя, што той, каму многа даравана, павінны больш палюбіць? Лагічна? І, здавалася б, так і павінна быць. Чаму ж тады мы паўсюдна сустракаемся з адваротным: чым больш міласэрна ты ставішся да людзей, тым меньш яны цябе любяць? Па прыклады далёка хадзіць не трэба: Хрыстос аздараўляў хворых і ратаваў апантаных, але з дзесяці ачышчаных пракажоных толькі адзін вярнуўся падзякаваць. Езус памёр за кожнага з нас, але мы не спяшаемся палюбіць Яго "усёй душою і ўсім розумам сваім". Ды й самі мы ці не сустракаліся з людской няўдзячнасцю? І што цікава: чым больш бескарысліва мы дзейнічалі, тым часцей аб’ект нашай міласэрнасці расчароўваў нас сваёй няўдзячнасцю і, нават, нянавісцю. Дзе ж памылка?
А рэч у тым, што не так ужо многа людзей здольныя безумоўна прыняць міласэрнасць ад іншага чалавека. Ад Бога яшчэ “ладна сабе” – гэта ж Усявышні, перад ім слабым быць не сорамна, а вось, калі міласэрнасць да нас праяўляе чалавек, мы тут жа пачынаем падазраваць, што “нешта тут не так”.
“Або гэтаму дабрадзею штосьці ад нас трэба, або ён “зазнаўся” і думае, што сваёй падачкай ён мяне купіў.”—Так спрацоўвае логіка чалавека. Няшчаснага чалавека, які і сам не сустракаўся з бескарыслівасцю, і ніколі не праяўляў яе. Гэта логіка света варожасці, дзе “чалавек чалавеку – воўк”. І таму ў гэтым свеце “не прыжываецца” міласэрнасць і не спрацоўвае закон “каму болей прабачана, той болей палюбіць”.
Дык што, Хрыстос памыляецца?
Не, не памыляецца. Проста Ён карыстаецца логікай Бога – логікай любові. І каб у нашым – чалавечым – жыцці, у гэтым свеце,  пачаў працаваць гэты закон, мы павінны навучыцца логіцы Хрыста.

Комментариев нет:

Отправить комментарий