Старонкі

вторник, 7 октября 2014 г.

07.10. — успамін Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай



Лк 1, 26–38
Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына
У той час Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, які называўся Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя.
Анёл, увайшоўшы да яе, сказаў: Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою. Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне.
І сказаў Ёй Анёл: Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. І вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага. І валадарыць будзе над домам Якуба вечна, і валадарству Яго не будзе канца.
А Марыя сказала анёлу: Як станецца гэта, калі я мужа не ведаю? Анёл сказаў Ёй у адказ: Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і народжанае Святое будзе названа Сынам Божым. Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй, і ёсць ужо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай; бо для Бога няма нічога немагчымага.
Тады Марыя сказала: Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова. І адышоў ад Яе анёл.

"Мы будзем песні спяваць, малітваў ружы дарыць..." 
У кастрычніку, здаецца, ці не запозна для ружаў... Але скідаюць пялёсткі ружы ў восеньскім садзе і настае час, каб напоўніць духоўны сад ружамі нашых малітваў.
Толькі вырасціць сад ружаў -- справа няпростая. Вось і з малітвамі гэтак жа: калі растуць яны на глебе ўдумлівага разважання, калі  паліваем іх жывой вадой нашай веры, калі падвязваем парасткі, каб абапіраліся на прыклад Хрыста і Божай Маці, то расквітнеюць нашыя ружы, і не сорамна будзе сплесці з іх вянок для Найсвяцейшай Панны.
Калі ж забягаем у наш малітоўны сад, няздольныя нават прыпомніць, што за таямніца "на чарзе"  (ці паспею за рэкламу ў серыяле адбарабаніць ці не?)...  Якія кветкі вырастуць на тых "клумбах"?

...Няхай жа заўсёды дагледжаным будзе сад нашай малітвы.

Комментариев нет:

Отправить комментарий