Мк 2, 1–12
Сын Чалавечы мае на зямлі ўладу дараваць грахі
Праз некалькі дзён Езус зноў прыйшоў у Кафарнаум, і разышлася вестка,
што Ён у доме. Адразу сабралася столькі народу, што ўжо не было месца каля
дзвярэй. І Ён прамаўляў да іх.
Прыйшлі да Яго чацвёра, якія неслі спаралізаванага. Не маючы магчымасці
прынесці яго да Езуса з-за натоўпу, разабралі страху, дзе Ён быў, і, зрабіўшы
дзіру, спусцілі насілкі, на якіх ляжаў спаралізаваны. Езус, убачыўшы веру іх,
сказаў паралізаванаму: Дзіця, даруюцца табе грахі твае.
Там жа сядзелі некаторыя з кніжнікаў і разважалі ў сэрцах сваіх: Чаму
ён так гаворыць? Ён блюзнерыць: хто можа дараваць грахі, калі не сам Бог? Езус,
адразу ж даведаўшыся ў духу сваім, што яны так думаюць, сказаў ім: Чаму так
думаеце ў сэрцах вашых? Што лягчэй: ці сказаць паралізаванаму «даруюцца табе
грахі твае», ці сказаць «устань, вазьмі насілкі свае і хадзі?» Але, каб вы
ведалі, што Сын Чалавечы мае на зямлі ўладу дараваць грахі, — і кажа
паралізаванаму: Табе кажу: устань, вазьмі насілкі свае ды ідзі да дому свайго.
Той адразу ж устаў і, узяўшы насілкі, выйшаў перад усімі, так што ўсе дзівіліся
і славілі Бога, кажучы, што ніколі такога не бачылі.
Напэўна, кожны з нас сустракаўся з апусцелымі
дамамі, якіх нажаль, усё больш і больш становіцца на нашай зямлі. Яны бываюць
розныя: старыя, якія бачылі шмат на сваім веку; новыя, тзв. “прэзідэнцкія”,
збудаваныя “на хуткую руку” і гэдак жа хутка пакінутыя. З выгнутымі вугламі;
выбітымі вокнамі, фундаментамі, улезшымі ў зямлю… Рамантаваць такія будынкі
вельмі цяжка, часам – нават немагчыма, лягчэй збурыць і пабудаваць новы…
Гэтыя будынкі нагадваюць сэрца
чалавека: пранізанае нянавісцю і абыякавасцю, зарослае пустазеллем граху,
пустое, бо не хапае галоўнага ў жыцці…
Хрыстос запрашае мяне і цябе, дарагі
сябра, да грунтоўнага рамонту сваёй душы, каб мець здаровае не толькі цела, але
перадусім душу, якая шукае Госпада…
Комментариев нет:
Отправить комментарий