Старонкі

понедельник, 26 января 2015 г.

27.01 -- аўторак ІІІ звычайнага тыдня



Мк 3, 31–35
Хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат і сястра, і маці
У той час: Прыйшлі Маці Езуса і браты Ягоныя і, стоячы звонку, паслалі паклікаць Яго. Натоўп, які сядзеў каля Яго, казаў Яму: Вось Маці Твая і браты Твае, і сёстры Твае на вуліцы шукаюць Цябе.
Але Ён сказаў ім у адказ: Хто маці Мая і браты Мае? І паглядзеўшы на тых, хто сядзеў вакол Яго, сказаў: Вось маці Мая і браты Мае. Бо хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат і сястра, і маці.
 ...Чытаем сёння ўрывак са Святога Евангелля, і міжволі ўзнікае пытанне: як жа гэта Езус не выйшаў да родных, не адгукнуўся на покліч Маці? Неверагодна! Але трэба ўважліва ўглядзецца ў гэту сітуацыю: Езус не проста так сядзіць недзе, бавячы час. Там, у гэтым доме, Ён размаўляе з людзьмі, якія прыйшлі задаць галоўныя пытанні свайго жыцця, якія шукаюць Божай праўды, якія гатовыя слухаць і прымаць Яго слова. І таму -- у гэтым доме -- Ён цалкам належыць тым, хто прыйшоў, каб пачуць Яго. 
"Маці ж і браты" прыйшлі, не пачуць, а "забраць Яго" (як сведчыць Евангеліст  у ранейшым урыўку) -- гэта значыць, няхай сабе і з добрых памкненняў, але перашкодзіць  Яго місіі.
Так часта мы ў сваім жыцці ставім на першы план па-людску зразумелыя, і на першы погляд, патрэбныя рэчы, але, клапоцячыся пра зямное, не дазваляем Божаму провіду напоўніцу дзейнічаць у нашым жыцці.
Таму і гучаць гэтыя словы: "Хто будзе выконваць Божую волю, той мне брат і сястра, і маці". Гучаць, каб  і прысутныя ў тым доме і мы, сёняшнія, зразумелі, што бываюць рэчы важнейшыя за кроўнае радство, за чалавечыя традыцыі, за нашае жаданне паспрыяць другому чалавеку, калі сваім клопатам мы "звязваем яму рукі". А менавіта, што галоўнае ў жыцці -- гэта давер Богу і шчырае спаўненне Ягонай волі.

Комментариев нет:

Отправить комментарий