Мк
4, 26–34
Чалавек кідае зерне і спіць, а як зерне
ўзыходзіць, ён не ведае
У той час: Езус сказаў народу: Валадарства Божае,
нібы чалавек, што кідае зерне ў зямлю. І спіць, і ўстае ноччу і днём, а як
зерне ўзыходзіць і расце, ён не ведае. Бо зямля прыносіць плён сама па сабе:
спачатку зеляніну, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе. Калі ж саспее
плод, адразу пасылае серп, таму што настала жніво.
І казаў: З чым параўнаем Валадарства
Божае? Ці ў якой прыпавесці выявім яго? Яно — як гарчычнае зерне: калі яго
сеюць ў зямлю, яно найменшае з усяго насення на зямлі. Калі ж пасеяна,
узыходзіць і становіцца большым за ўсялякую зеляніну, і пускае вялікае галлё,
так што пад ценем ягоным могуць хавацца птушкі нябесныя.
У многіх такіх прыпавесцях
прапаведаваў ім слова, колькі яны маглі слухаць. І без прыпавесці не казаў ім,
а сваім вучням сам-насам тлумачыў усё."...Валадарства Божае, нібы чалавек, які кідае зерне ў зямлю і спіць... А як зерне ўзыходзіць і расце, ён не ведае."
--Дык тады ад нас нічога не залежыць! -- Усклікне чалавек, -- што пасеяна, тое і вырасце.
Але ж ці так? Хіба Бог у Святым Хросце сее ў нас здольнасць хітрыць, нагаворваць на бліжняга, фанабэрыцца, зайздросціць? Не -- пасеяна зусім іншае: шчырасць, дабрыня, міласэрнасць, адказнасць, любоў... Але недзе "ў часе росту" зерне нашай душы атручваецца грэшнымі сокамі: трапляем у розныя залежнасці, вучымся падманваць, ваюем з бліжнімі.
Толькі мы ж -- не зярняты, якія не маюць розуму. Мы -- людзі, здольныя адрозніваць дабро і зло, і таму мы таксама адказныя за тое, што з нас вырасце -- ці будзе гэта дрэва дабрыні, у цені якога можна будзе адпачыць ад варожасці і хлусні свету, ці гэта будзе ядавіты анчар, які сваімі выпарэннямі (хлуснёй, здрадай, зайздрасцю, злобай) будзе нішчыць усё жывое, што мае няшчасце патрапіць у цень ягонай кроны.
Каб выраслі мы добрым дрэвам, даецца нам жывая вада Божага слова і Святыя Сакраманты, каб мацаваліся нашы цноты. Але ж і мы павінны дацягнуцца каранямі нашых душаў і трымацца за гэты ратавальны грунт, які даў нам Госпад, каб нашае дрэва прынесла добры плод.

Комментариев нет:
Отправить комментарий