Ян
5, 17–30
Як Айцец уваскрашае мёртвых і ажыўляе
іх, так і Сын ажыўляе тых, каго хоча
У той час Езус адказаў юдэям: Айцец Мой дзейнічае
дагэтуль, і Я дзейнічаю. За гэта юдэі яшчэ больш намагаліся забіць Яго, бо Ён
не толькі парушаў шабат, але таксама называў Бога ўласным Айцом, робячы сябе
роўным Богу.
Тады Езус сказаў ім у адказ: Сапраўды,
сапраўды кажу вам: Сын нічога не можа рабіць сам ад сябе, калі не ўбачыць Айца,
які робіць. Бо што робіць Ён, тое і Сын робіць падобным чынам. Бо Айцец любіць
Сына і паказвае Яму ўсё, што сам робіць, і пакажа Яму справы большыя, чым гэта,
каб вы дзівіліся.
Бо, як Айцец уваскрашае мёртвых і
ажыўляе іх, так і Сын ажыўляе тых, каго хоча. Бо Айцец нікога не судзіць, але
ўвесь суд аддаў Сыну, каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца. Хто не шануе
Сына, той не шануе Айца, які паслаў Яго.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: Хто слухае
Маё слова і верыць у таго, хто паслаў Мяне, мае жыццё вечнае і не прыходзіць на
суд, але перайшоў ад смерці да жыцця.
Сапраўды, сапраўды кажу вам:
надыходзіць гадзіна, і ўжо настала, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага, і
тыя, хто пачуе, будуць жыць.
Бо, як Айцец мае ў сабе жыццё, так і
Сыну даў мець жыццё ў сабе. І даў Яму ўладу вяршыць суд, бо Ён Сын Чалавечы.
Не
здзіўляйцеся гэтаму, таму што надыходзіць гадзіна, калі ўсе, хто ў магілах,
пачуюць голас Ягоны. І тыя, хто чыніў дабро, уваскрэснуць для жыцця, а тыя, хто
рабіў зло, уваскрэснуць для асуджэння.
Я
нічога не магу рабіць ад сябе. Як чую, так суджу, і суд Мой справядлівы, бо Я
не шукаю сваёй волі, але волі таго, хто паслаў Мяне.
Гэта
слова Пана
Калі чуем сёння ўрывак з Евангелля, нас здзіўляе кантраст з папярэднімі літургічнымі тэкстамі, бо і першае чытанне, і псальм сёння абвяшчаюць бясконцую Божую міласэрнасць і вернасць ва ўсіх справах: "Я выслухаю цябе... Я захаваю цябе... Я дапамагу табе..." І вось раптам Хрыстос гаворыць пра суд і асуджэнне. Дзе ж міласэрнасць?
А яна ўвасабляецца ў адным сказе: "Хто слухае
Маё слова і верыць у таго, хто паслаў Мяне, мае жыццё вечнае і не прыходзіць на
суд, але перайшоў ад смерці да жыцця."
Хрыстос сёння гаворыць пра Божую міласэрнасць, спалучаную са справядлівасцю. І пра гэта мы павінны памятаць, каб не спадзявацца на Божую міласэрнасць празмерна і нахабна, не прыкладаючы ніякіх высілкаў для выпрамлення сваіх крывых шляхоў.
Варта задумацца, можа, ў пэўных справах праяўлення нашага хрысціянства, мы -- тыя "мёртвыя", якіх павінны абудзіць голас Божы.
Задумаемся, каб не прапусціць сваю хвіліну збаўлення, не змарнаваць час, дадзены нам для ўзрастання ў любові і праўдзе. Каб не прыйшлося нам "уваскрэснуць для асуджэння". Спяшаймася чыніць дабро!
Комментариев нет:
Отправить комментарий